ІНІЦЫІ́РУЮЧЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
першасныя выбуховыя рэчывы, якія лёгка ўзрываюцца пры нязначных цеплавых і мех. (удар, трэнне) уздзеяннях з вылучэннем энергіі, дастатковай для загарання ці дэтанацыі брызантных выбуховых рэчываў.
Адрозніваюць індывідуальныя І.в.р. (у тэхніцы выкарыстоўваюць пераважна тэтразен, грымучую ртуць, азід свінцу) і сумесевыя, якія акрамя І.в.р. маюць інш. кампаненты. Выкарыстоўваюць у ваен. тэхніцы і ўзрыўной справе ў выглядзе малых (долі грама) зарадаў, якія змяшчаюць у спец. канструкцыі — т.зв. капсулі-дэтанатары (для ўзбуджэння дэтанацыі) і капсулі-запальнікі (для запальвання порахаў і піратэхн. саставаў). Вытв-сць і абыходжанне з І.в.р. патрабуюць асаблівых мер засцярогі з-за магчымасці выбуху.
т. 7, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)